З вераю ў сэрцы

3

Мінула 9 гадоў, як 11 лютага 2005 года ў райцэнтры быў асвечаны Свята-Ціханаўскі храм. У мінулую нядзелю прыхаджане радасна сустракалі архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, які прыняў удзел ва ўрачыстым богаслужэнні ў гонар святых навамучанікаў і веравызнаннікаў. Пасля яе ўладыка Сцяфан звярнуўся да вернікаў з прамовай, у якой зазначыў, што самае вялікае багацце — гэта вера ў Бога, любоў да бліжняга, уменне дараваць крыўды… Прыхаджане пакідалі храм з пачуццём душэўнай радасці і ўзнёсласці.

Затым усе сабраліся ў гарадскім Доме культуры, дзе з вялікім задавальненнем слухалі выступленне царкоўнага хору Свята-Ціханаўскага храма, а таксама дзяцей, што наведваюць нядзельную школу. І хто хоць аднойчы пачуў наш хор, рэгентам якога з’яўляецца абаяльная жанчына Любоў Занька, той імкнецца да сустрэчы з ім зноў і зноў, каб наталіцца чысцінёй і шматгалоссем чароўных песнапенняў. Хор Свята-Ціханаўскага храма часта выступае не толькі на Ганцаўшчыне, але прымае ўдзел у абласных і міжнародных фестывалях духоўнай музыкі. Песні ў выкананні пеўчых — як споведзь душы чалавека перад Богам і самім сабою.

Падчас канцэрта гучалі кранальныя словы пра навамучанікаў. Ахвярамі ў часы бязбожжа сталі тысячы святароў і веруючых. Толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя былі расстраляны і закатаваны звыш 20 тысяч святароў па ўсёй Расіі.

Патрыярх Ціхан, імя якога носіць наш храм, таксама з’яўляецца мучанікам за Хрыста. Ён вучыў людзей не помсціць ворагам, любіць адзін аднаго, верыць, што Бог заўсёды прыходзіць на дапамогу, бо “калі Бог за нас, то хто можа быць супраць?” — так сказана ў Евангеллі.

Гасподзь не пакідае людзей, а ўмацоўвае ў веры, і кожны павінен несці свой крыж.

Вельмі кранальным стала тое, калі ў канцы свайго выступлення дзеткі з нядзельнай царкоўнай школы выйшлі на сцэну з запаленымі свечкамі, падзякавалі архіепіскапу Сцяфану за тое, што ён наведаў наш храм, за яго светлыя малітвы да Бога аб нас, а маленькая дзяўчынка падарыла яму букет белых хрызантэм. Многія проста не стрымалі слёз радасці.

Валянціна НАУМІК

(17)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *