Адраджэнне святыні

Асвячэнне будаўніцтва капліцы ў Ізбійскім Бары і закладка памятнай капсулы з граматай адбыліся ў мінулую нядзелю на святым месцы.

Сотні праваслаўных веруючых сабраліся ў гэты дзень у Ізбійскім Бары каля новабудоўлі капліцы. За некалькі месяцаў амаль поўнасцю завершаны сцены святыні. Асвяціў будаўніцтва Высокапраасвяшчэннейшы Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, а таксама заклаў гістарычную памятную грамату ў капсулу, якая была замуравана ў сцяну алтарнай часткі храма. Грамата засведчвае гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Ізбійскім Бары — з’яўленне іконы Божай Маці і адраджэнне святыні — царквы, пабудаванай на гэтым месцы, якая потым была знішчана ў гады ваеннага ліхалецця. Грамата падпісана Архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам, Благачынным цэркваў Ганцавіцкай акругі протаіерэем Пятром Піліпчуком і кіраўніком раёна Аляксандрам Саланевічам.

Напярэдадні асвячэння адбылася знамянальная падзея. Ікона Божай Маці з храма, як вядома, была згублена ў цяжкія для Айчыны часы і лёс яе невядомы. Дык вось, распілоўваючы ў суботу бярозу, якая расла непадалёк ад добра вядомай сасны, да якой прыходзяць памаліцца вернікі, на яе спіле дакладна праявіўся лік Божай Маці з немаўлём і крыж. “Гэта сапраўдны цуд, — заўважае айцец Пётр. — Такім чынам ікона вяртаецца да нас…”.

На здымках: падчас асвячэння будаўніцтва капліцы ў Ізбійскім Бары; выява Божай Маці з немаўлём і крыжам на спіле бервяна бярозы.

Тэкст і фота Аляксея ГРУШЭВІЧА, «Савецкае Палессе»

(106)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *