Наша зямлячка, жыхарка горада Ганцавічы, шматдзетная маці, матушка Ірына Піліпчук узнагароджана дыпломам I ступені ў намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей” VIII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года”, які арганізаваў Беларускі саюз жанчын.
Ірына Уладзіміраўна дзеліцца з чытачамі раёнкі сваімі думкамі пра выхаванне дзяцей, расказвае пра жыццё і пра паездку ў Мінск.
Зараз сям’я, дзе больш за двое дзяцей, — рэдкасць. Таму мы захапляемся жанчынамі, якія гатовы прысвяціць сваё жыццё выхаванню іх. Да адной такой жанчыны, Ірыны Піліпчук, я і завітала нядаўна.
…У сям’і маёй маці было таксама восем дзяцей. На той час для простых вяскоўцаў гэта была норма: нямала, але і не вельмі шмат. Усе дзеці працавалі на зямлі, з самага маленства, дапамагалі бацькам, сачылі за меншымі, гатавалі ежу. Канечне, маёй бабулі было няпроста даглядаць дзяцей, спраўляцца па гаспадарцы. А як цяпер жыве шматдзетная сям’я?
Ірыну Уладзіміраўну ведае кожны з жыхароў нашага раёна. Яе муж — настаяцель Свята-Ціханаўскага храма, протаіерэй Пётр Піліпчук, а яна сама загадвае царкоўнай бібліятэкай.
У сям’і Пятра і Ірыны дзесяць дзяцей. Старэйшай дачцы 20 гадоў, малодшай — толькі 7 месяцаў. Варвара, старэйшая, зусім нядаўна парадавала бацькоў унучкай.
…Іду на сустрэчу з Ірынай Уладзіміраўнай і хвалююся. Не кожны дзень даводзіцца браць інтэрв’ю ў матушкі. Падымаюся на ганак, стукаю ў дзверы. Праз хвіліну мне адчыняе маленькі сімпатычны хлопчык і ветліва вітаецца.
Дом сустрэў мяне дзіцячымі галасамі. Ірына Уладзіміраўна запрашае ў пакой і пачынае расказваць пра сваю сям’ю.
— Я — шчаслівая жанчына. Усё ў маім жыцці засяроджана на выхаванні дзяцей. Звычайны мой будны дзень пачынаецца з таго, што я адпраўляю дзяцей у школу і дзіцячы сад. Застаюся разам з самай малодшай дачкой, Васілісай. Гатую ежу на ўвесь дзень, займаюся з дачушкай, чакаю, пакуль вернуцца астатнія. Вечарам кладу іх спаць і толькі тады займаюся сваімі справамі. А ў нядзелю і па святах усе разам мы ходзім у храм, молімся і дзякуем Богу за тое, што ён даў нам такую вялікую сям’ю, што мы ні ў чым не маем вострай патрэбы і любім адзін аднаго.
Дзяцей у гэтай сям’і выхоўваюць толькі сваім прыкладам: дабрынёй і павагай. Вучаць дапамагаць адзін аднаму і адразу спыняюць любое, нават самае маленькае зло. Ірына Уладзіміраўна ўпэўнена, што ўсё злое абавязкова вяртаецца. Такое выхаванне дае свае вынікі: дзеці адносяцца адзін да аднаго са шчырай любоўю. Нягледзячы на ўзрост, яны гуляюць усе разам, і старэйшыя ў гэты час наглядаюць за малодшымі, сочаць, каб не сваволілі.
— Ведаеце, спачатку, дваццаць гадоў таму, мне было, канечне, складана сачыць за дзецьмі, я вельмі стамлялася ў маральным плане. Але потым падраслі старэйшыя, і стала лягчэй. Зараз жа мне хатнія справы прыносяць толькі задавальненне. Адзінае, аб чым шкадую, што ў мяне не заўсёды хапае часу для таго, каб надаць патрэбную ўвагу кожнаму дзіцяці. Але, калі задумацца, шмат хатніх спраў мы робім разам. Дзеці да мяне прыходзяць з прапановамі, скардзяцца на праблемы, і мы разам вырашаем іх.
Усе дочкі Ірыны і Пятра імкнуцца да творчасці, малююць, а сыны — дапамагаюць бацьку, бавяць разам з ім час у гаражы, на будаўніцтве ці па гаспадарцы. Адна са старэйшых дачок, Марыя, нядаўна напісала эсэ, прысвечанае маці. Яно ўражвае сваёй шчырасцю і прасякнута любоўю да родных, але, у першую чаргу — да Ірыны Уладзіміраўны.
“Прыказка “Маці праведна — агароджа каменна” вельмі падыходзіць маёй маме, — піша яна. — Разумею, што вельмі складана ёй спраўляцца з намі, часам бывае цяжка. Часта думаю: адкуль простая, звычайная жанчына набыла такую вялікую сілу? І з упэўненасцю сцвярджаю: яна валодае скарбам надзвычайным — сэрцам, прасякнутым пачуццём кахання, пяшчоты, спачування, гатоўнасці ўсю сябе аддаць на карысць іншым. Пры гэтым больш за ўсё мама баіцца чым-небудзь вылучыцца сярод іншых, стаць вышэй акружаючых. Але Бог праслаўляе сам, каго хоча. Выконваючы свой абавязак цярпліва, мама любоўю сваёй мацярынскай прыгожая. У яе самае далікатнае і чулае сэрца, яно ні да чаго не застаецца абыякавым, у ім ніколі не згасае любоў, яна ўся бескарыслівая, надзейная…
Еду з дому з думкамі: добра, што ёсць куды тэлефанаваць. Добра, што ёсць каму адказаць… Хай не рвецца доўга гэтая нітка, мабыць, самая галоўная на свеце…, — заканчвае сваё эсэ дачка Ірыны. — Я шчаслівая, таму што з дзяцінства ведаю сілу матчынай любові. Мне хочацца адказваць ёй тым жа — любоўю, увагай, клопатам”.
Не заўважыць пасля гэтых слоў тую ласку, якой прасякнуты пачуцці дзяцей да Ірыны Уладзіміраўны, нельга. А таму нядзіўна, што менавіта гэтая жанчына была вылучана на атрыманне ўзнагароды Беларускага саюза жанчын.
— Першае, што ўразіла, калі мы прыехалі на ўзнагароджанне, якое прайшло ў мінулую суботу ў Доме Масквы, што ў Мінску, дык гэта тое, што сустрэлі нас курсанты сувораўскага вучылішча разам з аркестрам, — падзялілася Ірына. — Узнагароду мне ўручаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў. Я даўно не прысутнічала на такіх урачыстасцях, было вельмі прыемна і хвалююча. Перад тым, як выклікаць нас на сцэну, на экране дэманстраваліся фатаграфіі і расказвалася, пра намінантак. Я нават крыху збянтэжылася: кожная з жанчын — спраўная, разумная, шмат дасягнула ў сваім жыцці, а я проста раблю тое, да чаго ляжыць душа.
Маю кандыдатуру на гэтую ўзнагароду прапанавала Надзея Уладзіміраўна Здрок, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама. Яна, дарэчы, з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Мне вельмі хочацца сказаць ёй вялікі дзякуй, а таксама падзякаваць старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі саюза жанчын Ірыне Арабей за тое, што палічыла мяне дастойнай такой узнагароды.
Сапраўды: гледзячы на гэтую лагодную, спакойную жанчыну, разумееш, што менавіта такой і павінна быць сапраўдная жанчына, матуля. Нават голас Ірыны Уладзіміраўны — ціхі, ласкавы, надзвычай мілагучны, кранае душу і сэрца з першага слова.
Зараз рэдка можна сустрэць такую жанчыну, як Ірына Піліпчук. Мы ўсе марым не толькі пра тое, каб стварыць сям’ю, нам хочацца рэалізаваць свае магчымасці ў самых розных сферах жыцця. Гэта нармальна: мы проста жывём па законах таго часу, у які нарадзіліся. А таму Ірына і выклікае такое захапленне: яна знайшла ўнутраную гармонію з сабой і з навакольным светам, знайшла сваё месца ў жыцці.
Аляксандра ГУРМАН, «Савецкае Палессе»
НА ЗДЫМКУ: дружная сям’я Піліпчукоў.
(49)