Пакровы

14 кастрычніка праваслаўныя веруючыя адзначаюць свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Назву свята нашы продкі звязвалі з першым інеем, які пакрываў зямлю, указваючы на блізкасць халадоў. Пакровы супадалі з заканчэннем палявых работ і падрыхтоўкай да зімы.

А гісторыя свята бярэ пачатак з глыбокай даўніны. Паводле царкоўнага падання, у 910 годзе Канстанцінопаль быў у асадзе сарацынаў. Усе жыхары горада сабраліся ва Улахернскім храме і маліліся Маці Божай і Збавіцелю, прасілі дапамогі. У гэты час адбылася цудоўная з’ява: святы Андрэй і яго вучань Епіфаній убачылі лунаючую ў паветры ў нябесным святле, акружаную анёламі і святымі, Багародзіцу. Устаўшы на калені, Царыца Нябесная доўгі час са слязьмі на вачах малілася за хрысціян і прасіла Іісуса Хрыста прыняць малітвы людзей. Потым Прасвятая Дзева зняла са сваёй галавы пакрывала і распасцерла яго над галовамі людзей, якія маліліся, абараняючы іх тым самым ад ворагаў. Калі ўяўленне прапала, засталося благаславенне покрыва. Неўзабаве ворагі адступілі, і горад быў выратаваны.

З гэтым святам звязана шмат народных звычаяў. Напрыклад, у некаторых месцах перад Пакровамі дзяцей на парозе хаты аблівалі вадой праз рэшата, тым самым засцерагаючы іх ад зімовай прастуды і іншых хвароб. Або дзяўчаты ў гэты дзень гадалі, хто хутчэй выйдзе замуж.

З Пакроў пачынаецца пара вяселляў. Гэты звычай таксама бярэ пачатак з глыбокай даўніны, калі пакрывала або фата лічыліся важным атрыбутам вясельнага ўбору.

Гэты дзень канчаткова ставіў кропку ў летнім жыцці, пераводзячы ўсю хатнюю дзейнасць у дом.

Народныя прыкметы на Пакровы: да абеду — восень, а пасля — зіма. Калі дзень пахмурны і дажджлівы — добры ўраджай мёду на будучы год. Калі да гэтага дня не ападае лісце з вішань — да цёплай зімы. Пакровы пакрыюць або лісцем, або снегам. Адлёт журавоў да Пакроў — ранняя, халодная зіма.

Сімвалічна, што 14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца яшчэ і Дзень маці. Бо кожная маці, як Багародзіца, імкнецца схаваць сваё дзіця ад бяды і няшчасця, ахутаць любоўю і клопатам.

Падрыхтавала Марыя ПАЎЛАВА.

(95)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *