Калядны пост


З 28 лістапада пачынаецца пост, які прысвечаны двунадзясятаму святу Нараджэння Хрыстова. Калядны “халодны” пост — гэта першы з чатырох завешчаных пастоў. Працягваецца ён 40 дзён (да 7 студзеня) і таму яшчэ называецца Чатырохдзясятніцай (чатыры дзясяткі дзён).

Загавіны (запускі) на пост — дзень, калі яшчэ можна ўжываць мясныя і малочныя стравы, — прыпадае на дзень памяці святога апостала Піліпа — 27 лістапада (таму гэты пост называюць Піліпавым (Піліпаўкай).

Па царкоўным статуце ў дні Каляднага посту варта ўстрымлівацца ад спажывання мяса, малака, яек. У панядзелак, сераду і пятніцу пад забарону трапляюць таксама рыба, віно і алей. У гэтыя дні рэкамендавана толькі сухаядзенне (стравы без алею). У астатнія дні — аўторак, чацвер, субота і нядзеля спажываюцца стравы з алеем.

Рыба падчас Каляднага посту дазваляецца ў суботнія і нядзельны дні, а таксама ў вялікія святы (напрыклад, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы — 4 снежня, у храмавыя святы (дзень памяці святога, у гонар якога названы храм) і ў дні вялікіх святых (да прыкладу, памяць свяціцеля Мікалая Цудатворцы — 19 снежня).

З 2 па 6 студзеня — дні святкавання Каляд — пост становіцца больш жорсткім: у гэтыя дні нават у суботу і нядзелю рыбу не спажываюць.

Нагадаем, што ўстрыманне ад ежы — не самамэта і пост — толькі сродак, які дапамагае нам сканцэнтравацца на малітве. Калі, захоўваючы пост устрымання ад ежы, чалавек дазваляе сабе дрэнныя думкі, словы і ўчынкі, то ні аб якім подзвігу (у сэнсе хрысціянскай дабрадзейнасці) размовы быць не можа.

Для хворых і слабых людзей пост і ўвогуле шкодны, таму што, калі чалавек хварэе, ён і так пакутуе. А хвароба веруючага чалавека, якую ён пераносіць з цярпеннем і ўдзячнасцю Богу, прымаецца раўназначнай посту.

Паслабленне посту прадугледжана для цяжарных жанчын і кормячых мацярок.

Тым жа, хто сумняваецца ў пытаннях посту, рэкамендуецца параіцца са сваім святаром.

У народзе казалі — іней на Піліпа — ураджай на авёс, дождж — на пшаніцу. Вараннё чорнае каркае — да адлігі.

28 лістапада — дзень Гурыя, зубнога лекара. На Гурыя і гразь, і снег — усё ўперамежку: Гурый ездзіць на сівой кабыле. Калі снег покрывам ляжа — ляжаць яму да паводкі.

А 29 лістапада — Мацвей. На Мацвея зямля пацее (адбываюцца адлігі). Калі ў дзень апостала Мацвея веюць моцныя вятры, дык быць мяцеліцам і завеям да самага Міколы Зімняга (19 снежня).

Падрыхтавала Марыя ПАЎЛАВА.

(57)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *