Памяць святога Афанасія, ігумена Брэсцкага святкуе сёння Царква

Святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі нарадзіўся каля 1597 года ў набожнай сям’і брэсцкіх гараджан Філіповічаў. У маладыя гады ён служыў хатнім настаўнікам у дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Разгульнае жыццё пры дварах магнатаў толькі мацавала ў прападобным Афанасіі намер пазбавіцца жыццёвай мітусні і прысвяціць сябе Богу.

Гады служэння прападобнамучаніка Афанасія прыпалі на час усталявання на праваслаўных землях Вялікага княства Літоўскага царкоўнай уніі з Рымам. Але ён свядома выбраў шлях праваслаўнага манашаскага падзвіжніцтва, каб усімі магчымымі сродкамі адстойваць права на вызнанне сваёй бацькоўскай веры.
У 1627 годзе Афанасій накіраваўся ў Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе прыняў манашаскі пострыг ад ігумена Іосіфа Бабрыковіча. Адсюль прападобны Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр пад Оршай, а затым — у Міжгорскі каля Кіева. З Міжгор’я Афанасій зноў выехаў у Вільню, дзе праз некаторы час быў узведзены ў сан іераманаха і неўзабаве прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад Пінскам. У 1636 годзе абіцель была адабрана ў праваслаўных і перададзена пінскім езуітам, што выклікала вялікае абурэнне і пратэсты насельнікаў. Прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў суседні Купяціцкі манастыр, які славіўся сваёй цудадзейнай іконай Божае Маці. У 1638 годзе ён здзейсніў падарожжа ў Маскву, каб сабраць міласціну на манастыр і паведаць маскоўскаму цару Міхаілу пра крыўды праваслаўных у Рэчы Паспалітай.
У 1640 годзе святы Афанасій выбраны ігуменам Свята-Сімяонава манастыра ў Брэсце. Прыбыўшы ў Брэст, прападобны Афанасій перш за ўсё адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся манастырскія правы і прывілеі. Знайшоўшы ў граматах, што «унія з старым Рымам, прынятая насуперак законам Усходняй Царквы, праклятая навекі», прападобны Афанасій пачаў даводзіць гэта адкрыта ў храме і іншых месцах. Ва ўсім ваяводстве уніяты захваляваліся, адчуваючы вялікую трывогу.
Святы Афанасій неаднаразова ездзіў у Варшаву, звяртаўся да польскага караля і сейма, пераконваючы і патрабуючы абараніць правы праваслаўных, апавядаючы пра крыўды і ўціск з боку езуітаў і уніятаў. Да смелых выкрыванняў падзвіжніка ў Варшаве паставіліся з вялікім незадавальненнем і адправілі яго на суд да Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы.
У Кіеве Афанасія апраўдалі і па просьбе браціі Брэсцкага манастыра ўзнавілі ў ігуменстве. Па вяртанні ў Брэст прападобны Афанасій цалкам аддаўся манашаскім подзвігам. Адасобленае жыццё інакаў, аднак, раз за разам парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, кпінамі і рознымі выпрабаваннямі.
У 1644 годзе Афанасія як парушальніка спакою арыштавалі, адвезлі ў Варшаву, закавалі ў кайданы. У такіх умовах ён заставаўся больш за год. У зняволенні святы Афанасій склаў малітваслоўе, якое спяваў, каб зменшыць душэўны боль. Каралю Уладзіславу IV ён напісаў тры пасланні з просьбай абараніць Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім.
Выконваючы волю караля, мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій напісаў адзін з найлепшых сваіх твораў — «Дыярыуш» («Дзённік»), у якім выкрыў здрадніцкую сутнасць уніі, вобразна паказаў адну з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць рыма-каталіцкай агрэсіі.
У 1648 годзе святога Афанасія зноў арыштавалі паводле ілжывага абвінавачання ў дапамозе паўстаўшым казакам. У ноч на 5 верасня 1648 года гайдукі прывялі яго ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там прымусілі выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму. Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам: «Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю». Пасля гэтых слоў аднаму з гайдукоў загадалі страляць у святога Афанасія. Уражаны мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад выкананнем загаду прасіў у святога прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога прападобнамучаніка скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду.
Восем месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў маі 1649 года інакі знайшлі нятленнае цела ігумена, перанеслі ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага манастыра ў гонар святога Сімяона Стоўпніка.
Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай смерці. У 1666 годзе ў Брэсце было складзена Жыціе на польскай мове, у якім ігумен Афанасій называецца «святым і прападобнамучанікам». У 1815 годзе ў час пажару, які здарыўся ў Брэсцкім Сімяонавым манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца з мошчамі святога расплавілася. Абгарэлыя мошчы, якія ацалелі ў пажары, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення ў Благавешчанскай манастырскай царкве. У 1833 годзе манастырскія пабудовы знесены ў сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, а мошчы перанесены ў Свята-Мікалаеўскі сабор. Штогод, у дзень памяці, іх урачыстым хрэсным ходам абносілі вакол сабора. Пасля ўзвядзення ў Брэсце новага мураванага Сімяонаўскага сабора святыя мошчы прападобнага перанесены ў гэты храм.
У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю. Толькі ў 1995 годзе часцінка мошчаў была вернута ў Брэст і цяпер знаходзіцца ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы. У Віцебску, Мінску і Слоніме пабудаваны храмы, асвячоныя ў гонар святога Афанасія. З 1996 года ў Брэсце (раней вёска Аркадзія), на месцы гібелі свяшчэннамучаніка, дзейнічае Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр.

(46)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *