Духоўнасці святло

Не кожны педагог можа знайсці сцяжынку да душы дзіцяці і дапамагчы яму ўбачыць і раскрыць у сабе самыя шчырыя пачуцці. А таму чатыры жанчыны, якія працуюць у нядзельнай школе прыхода Свята-Ціханаўскага храма, — людзі неабыякавыя да той высакароднай справы, за якую ўзяліся, мудрыя і цікавыя.

Любоў Віктараўна Занька — рэгент дзіцячага хору нядзельнай школы. Пад яе кіраўніцтвам рабяты ўдзельнічаюць у самых розных фестывалях і конкурсах, у царкоўных службах і ранішніках, а таксама ў іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца школай. І літаральна нядаўна яны прыехалі з XV фестывалю праваслаўных песнапенняў “Спявайце Богу нашаму, спявайце”. Любоў Віктараўна з задавальненнем падзялілася ўражаннямі ад паездкі з карэспандэнтам раёнкі.
— У гэтым годзе фестываль адбыўся ў Драгічыне, удзельнічалі ў ім 37 харавых калектываў. Нам выпаў гонар закрываць канцэрт. Уражанні ад гэтага толькі станоўчыя: публіка прымала нас авацыямі і апладысментамі, а людзі ў зале здзіўляліся, што ў такім невялікім горадзе, як Ганцавічы, ёсць такі незвычайны і адметны хор. А старшыня журы фестывалю, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан узнагародзіў нас Дыпломам за захаванне і развіццё праваслаўнай культуры, руплівую працу і паспяховае выступленне на юбілейным фестывалі.
Любоў Віктараўна вучыць дзяцей не толькі спяваць, яна дапамагае ім у кожнай справе. Часта ў царкоўных песнях сустракаюцца словы на стараславянскай мове, і нават іх яна растлумачвае маленькім выканаўцам, каб тыя разумелі, пра што спяваюць. Царкоўная песня немагчымая без веры і без разумення таго, што кожнае слова ў ёй — правільнае.
Пра тое, як аддана жанчына падыходзіць да сваёй справы, сведчыць і той факт, што некаторыя з яе выхаванцаў не перастаюць спяваць у харавых калектывах і ў дарослым жыцці. Так, зусім нядаўна адна з яе выпускніц, Марыя Лук’янец, якая зараз з’яўляецца студэнткай педагагічнага ўніверсітэта ў Мінску, атрымала прапанову спяваць у хоры Мінскага кафедральнага сабора. А многія проста пераходзяць з дзіцячага хору ў дарослы.
Наталля Міхайлаўна Кляўчэня — таксама музычны кіраўнік. Жанчына займаецца падрыхтоўкай усіх мерапрыемстваў, што праводзяцца ў нядзельнай школе: піша сцэнарыі, вучыць з дзецьмі песні, вершы і танцы. Самыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія толькі-толькі пачынаюць наведваць нядзельную школу, праходзяць праз яе рукі. Асноўныя святы ў школе, а ў іх лік уваходзяць ранішнікі да Дня маці, Каляд, Даравальнай нядзелі, Вялікадня, архіерэйскай службы і Дня праваслаўнай кнігі — усё гэта і многае іншае рыхтуе Наталля Міхайлаўна. Жанчына стараецца максімальна развіць творчыя здольнасці дзяцей, зрабіць кожнае свята асаблівым, а галоўнае — жывым і вясёлым. Рабяты любяць Наталлю Міхайлаўну і з задавальненнем прымаюць любую яе ідэю.
Дапамагае музычнаму кіраўніку Вольга Васільеўна Навіцкая. Ніводнае мерапрыемства не абыходзіцца без яе ўдзелу. Артыстычная жанчына іграе ролі казачных і біблейскіх персанажаў, вучыць гэтаму дзяцей. Таксама яна праводзіць урокі Закона Божага, стварае разам з дзецьмі самыя розныя вырабы і арганізуе іх выставы.
Марыя Аляксандраўна Орса — каардынатар усіх дзеянняў у нядзельнай школе. Настаўніца праводзіць урокі духоўнасці для дзяцей, а таксама пастаянна падае новыя ідэі. Так, напрыклад, летняе свята “Лесное лукошко”, якое вось ужо некалькі гадоў запар праходзіць у розных месцах нашага раёна, — менавіта яе прапанова. На цэлы дзень разам з настаўнікамі, бацькамі і айцом Пятром дзеці адпраўляюцца ў вандроўку па цікавых месцах Ганцаўшчыны. Напрыклад, мінулым летам месцам іх прыпынку стала вёска Лактышы. Там дзеці наведалі музеі, на свежым паветры пачаставаліся юшкай і печанай бульбай, пакаталіся на лодках. Адпачынак быў проста выдатным!
Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла пры Беларускім дзяржаўным універсітэце аб’явіў конкурс метадычных распрацовак, навукова-даследчых работ і сачыненняў. Метадычнымі распрацоўкамі займалася Марыя Орса ў супрацоўніцтве з загадчыкам дзіцячай бібліятэкі Валянцінай Мініч і настаўнікам гімназіі Інай Рылка. З 250 работ, прадстаўленых на конкурс, іх распрацоўкі ўвайшлі ў дзясятку лепшых работ і адзначаны Граматай сінодскага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама пяцідзённай экскурсіяй у Пскова-пячэрскі манастыр.
У красавіку вучні нядзельнай школы разам са сваімі навуковымі кіраўнікамі прынялі ўдзел у беларускім конкурсе літаратурных творчых і краязнаўчых работ “Святыні Беларусі: пакуты і перамогі”, які таксама праводзіўся Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла пры БДУ. Кацярына Дамарацкая з СШ № 3 г. Ганцавічы з работай “Каб душою не ачарсцвець” (навуковы кіраўнік — настаўнік беларускай мовы і літаратуры гэтай школы Людміла Трафімчык) і Павел Муха з гімназіі г. Ганцавічы з работай “Людзі царквы (Пастырскае служэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны)” (навуковы кіраўнік — Марыя Орса) атрымалі дыпломы ІІ ступені, а іх навуковыя кіраўнікі — Падзяку і сэртыфікаты на дабрачынныя экскурсіі ў Свята-Елісавецінскі манастыр.
Зараз навучальны год у нядзельнай школе закончыўся, але на гэтае лета ў настаўнікаў шмат планаў. Напрыклад, плануецца вандроўка ў Столін на фестываль праваслаўных песнапенняў “Лета Гасподняе” і на злёт праваслаўнай моладзі ў в. Лука Столінскага раёна, а таксама правядзенне традыцыйнага свята “Летнее лукошко”.
Нельга не адзначыць, што ва ўсёй дзейнасці нядзельнай школы прымаюць актыўны ўдзел матушка Ірына і айцец Пётр. Апошні, дарэчы, зараз плануе пабудаваць новы будынак для нядзельнай школы і шукае падтрымкі. А таму мы просім кожнага, хто можа чым-небудзь дапамагчы, падтрымаць добрую справу.

НА ЗДЫМКУ: Вольга Навіцкая, Марыя Орса, Любоў Занька і Наталля Кляўчэня (злева направа).

(88)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *