Не зарасла сцяжынка да святога месца

Ізбійскі Бор сёння ведаюць не толькі жыхары бліжэйшых да яго вёсак Дзяніскавічы і Будча. Пра святое месца, цудадзейныя выпадкі, што тут здараліся, расказваюць даўно. Узбійскі, Узбіцкі, Ізбіцкі, Ізбіскі — такія назвы мела гэтае месца. Што было на самай справе, найбольш ведаюць старажылы суседніх вёсак.

Надзея Рыгораўна Мышкавец з Будчы адна з іх. Расказвае бабуля, што сцежка з вёскі да святога месца пралягала даўно. Памятае, як у дзяцінстве ехалі да святыні на конях, ішлі пешшу, нават, адна бабуля дабіралася два дні на каленях. Пры ўваходзе ў прошчу бруілася крынічка і ў ямінцы збіралася вада. Далей знаходзілася каплічка. На Успенне, 28 жніўня, на святым месцы праводзіліся богаслужэнні, таму было мнагалюдна. Людзі везлі з сабою тавар для продажу. Вазы ставілі ў лесе паміж высокіх дрэў. На кірмашы прадавалі зерне, мёд, грушы, слівы, яблыкі, ягады. Гэтым аддзячвалі Усявышняму за добры ўраджай.

Розныя людзі збіраліся на свята. Багатыя і бедныя, старыя, многа знявечаных, жабракоў. Пасля малебну праходзіў святар, які збіраў ад прыхаджан даніну: грошы, зерне, лён, палатно. Ён жа асвячаў крыніцу. Можна было папіць і набраць гаючай вады, каб аднесці дамоў. Аднак зранку збіралася столькі народу, што вады на ўсіх не хапала. Таму сям’я Надзеі Рыгораўны за вадою ездзіла вечарам.

У час вайны царква згарэла. Але сцяжынка да святога месца не зарастала. Намоленае месца расчышчалі ад дрэў. Ад царквы застаўся толькі падмурак і крыж з купала. Каб не страціць цудадзейную малітву, на святым месцы ставілі крыжы, навязвалі на іх ручнікі, а на дрэвы, што вялі да святыні — стужкі. Штогод прыходзілі веруючыя, каб прынесці да крыжоў кветкі, садавіну, грошы і пасядзець на лаўках, памаліцца аб шчаслівай долі.

Жыхары суседніх вёсак шанавалі святое месца ў Ізбійскім Бары. Паданні аб святыні перадавалі маладому пакаленню. Вучылі паважаць старэйшых, клапаціцца аб бацьках. Яскравы прыклад гэтаму бабуля Надзея, якая, нягледзячы на сталы ўзрост, поўная энергіі і аптымізму. Падабаецца ёй цяперашняе жыццё. Дзеці і ўнукі клапатлівыя. На аўтамабілі па асфальтаванай дарозе хуценька завезлі ва ўрочышча Ізбійскі Бор, пакінулі машыну на паркоўцы. Грацыёзны залацісты купал вельмі ўразіў Надзею Рыгораўну. Не чакала яна пабачыць настолькі прыгожую адноўленую царкву. А малітва бабулі на гэты раз была асаблівая: каб не толькі наваколле рабілася больш прыгожым, але і сэрцы людскія поўніліся шчырасцю і дабрынёю.

Святлана Кандратовіч, г. Ганцавічы.

(122)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *