Пасля набажэнства бацюшка пачаставаў абедам і правёз на матацыкле

Выдатна адпачылі выхаванцы гарадской нядзельнай школы ў гасцях у бацюшкі Дзмітрыя Аскеркі ў вёсцы Нача 17 мая. Пасля набажэнства дзеці паласаваліся смачным абедам з пловам, шашлыкамі і адпачылі на прыродзе.

Да бацюшкі Дзмітрыя дзеці завіталі з нагоды заканчэння навучальнага года ў нядзельнай школе пры храме Свяціцеля Ціхана горада Ганцавічы. Па традыцыі, якая склалася ўжо некалькі гадоў, дзеткі прыехалі з настаўнікамі ў Начу і прынялі ўдзел у ранішнім набажэнстві ў сельскім храме Святога Архангела Міхаіла.

Пад кіраўніцтвам рэгента хору Любові Занька дзеці ў хрысціянскіх спевах праславілі Госпада ды Багародзіцу, а таксама разам з іншымі прыхаджанамі паспявядаліся і прычасціліся.

Настаяцель храма іерэй Дмітрый Аскерка не стрымаў свайго замілавання і пад час пропаведзі пахваліў і падзякаваў дзяцям за святочнасць, якую яны ўнеслі ў храм сваімі звонкімі галасамі.

Пасля  набажэнства бацюшка запрасіў дзяцей у свой двор, дзе к гэтаму часу бацюшкаў зяць згатаваў плоў. За лічаныя хвіліны дашчатыя сталы, як той абрус-самабранка зіялі смачнымі стравамі. Памаліўшыся перад трапезай, дзеці з ахвотай трускалі шашлыкі, прыгатаваныя арганізатарамі паездкі, а менавіта Аляксандрам і Таццянай Варвашэвічамі.

Потым  спрабавалі бацюшкаў плоў ды гародніну. Раней айцец Дзмітрый частаваў выхаванцаў нядзельнай школы рыбнай юшкай. А на гэты раз зрабіў больш сытны абед. Да прыезду гасцей рыхтаваліся загаддзя і сустракалі ўсёй сямьёй. Бацюшка зрабіў цэлую гару прасфорак. Жонка Людміла частавала дамашнім квасам з бярозавага соку. Дачка Юля сервіравала стол і падавала плоў. Працавалі хутка, як мурашы.

Наталіўшы голад дзеці пераключыліся на актыўны адпачынак. Бегалі па акрузе, скакалі па траве, гулялі ў мячык. Настаўніца Любоў Занька правяла хрысціянскую віктарыну. За кожны правільны адказ частавала цукеркамі. За веданне Біблейскіх фактаў дзеці сабралі жмені ласункаў і разбегліся па ваколіцы.

Адны гушкаліся ў двары на арэлях, другія схадзілі на раку, трэція найшлі старыя артэфакты ў выглядзе сшыткаў і кніг у суседнім закінутым памяшканні, а іншыя нават пракаціліся з бацюшкам на матацыклі. Добраму адпачынку спрыяла сонечнае цёплае надворье. Дзеці так разгуляліся, што пра мабільныя тэлефоны амаль забыліся, і дадому не спяшаліся.

Збірацца дамоў пачалі, калі шафёр прапанаваў ехаць назад па дарозе каля ракі Лань. Убачыўшы шмат рыбакоў, дзеці гатовыя былі астацца на рыбалцы. Але вырашылі, што рыбачыць будзем іншым разам. На шляху яшчэ заглянулі да векавога дуба-волата ў Вялікіх Кругавічах і шчаслівыя, нават трошкі загарэлыя на  тварах, вярнуліся ў райцэнтр.

А бацюшка Дзмітрый запрашаў прыязджаць часцей, не чакаючы наступнага года. А прычын завітаць у Начу шмат. Напрыклад, 28 мая ў бацюшкі двайное свята: дзень пагранічніка – ён служыў у пагранічных войсках і дзень асвячэння храма. На той час Праасвяшчэнны Біскуп Пінскі і Лунінецкі Стэфан (Корзун) асвяціў новапабудаваную Свята-Міхайлаўскую царкву ў вёсцы Нача. Храм сустракае калакольным звонам сваіх прыхаджан кожную нядзельку і на святы.

 

(132)