
У Дзяніскавічах завяршаецца будаўніцтва храма святога архангела Міхаіла (НА ЗДЫМКУ). Царкву плануецца адкрыць сёлетняй восенню. На ўзвядзенне яе спатрэбілася толькі два гады.
Для вернікаў гэта вялікая падзея і радасць. Доўгі час у вёсцы не было царквы. Даўнейшая згарэла яшчэ падчас Вялікай Айчыннай вайны. Потым богаслужэнні праводзіліся пры доме свяшчэнніка. Гэты будынак таксама быў знішчаны пажарам на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Толькі напрыканцы 1990-х гадоў на вёсцы зноў пачалі праводзіцца богаслужэнні — у памяшканні, якое перадало вернікам раённае спажывецкае таварыства.
Імкненне людзей да веры дало штуршок таму, што на царкоўна-прыходскім сходзе вёскі вернікі вырашылі будаваць храм, і з благаславення высокапраасвяшчэннейшага Стэфана, Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага, пачалося яго ўзвядзенне.
У кастрычніку 2010 года быў закладзены ў падмурак першы камень. Прыхаджане сваімі сіламі залілі фундамент храма. Потым пачалося і ўзвядзенне яго сцен. Прайшло літаральна паўтара года, і зараз засталося толькі закончыць некаторыя аддзелачныя работы ў царкве і добраўпарадкаваць прылягаючую да яе тэрыторыю.
Як адзначае настаяцель прыходаў храма святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца ў Вялікіх Круговічах і храма святога архангела Міхаіла ў Дзяніскавічах іерэй Іаан, будаўніцтва царквы вядзецца на сродкі вернікаў — жыхароў вёскі, выхадцаў з яе і нават людзей, якія не маюць непасрэдна ніякіх адносін да гэтага населенага пункта. Яны з радасцю ахвяравалі грошы, каб паскорыць будаўніцтва, хаця для гэтага іх трэба яшчэ нямала. Перад кожным чарговым этапам будаўніцтва храма пастаянна ўзнікалі фінансавыя пытанні, якія заўсёды вырашаліся, бо для веруючых з Божай дапамогай усё магчыма.
Таксама святар выказвае словы ўдзячнасці ўсім, хто прымае ўдзел у будаўніцтве храма. “Няхай Гасподзь беражэ вас і вашых блізкіх у добрым здароўі і дабрабыце на многія гады, а мы са шчырым пачуццём удзячнасці будзем узносіць за вас малітву”, — сказаў айцец Іаан.
Павел СВІСТУНОВІЧ, «САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ»
(33)