Сотні праваслаўных веруючых сабраліся 10 лютага ў Свята-Ціханаўскай царкве, каб прыняць удзел у святочным богаслужэнні ў гонар святых навамучанікаў і веравызнаннікаў, сярод якіх Свяціцель Ціхан, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Імя Патрыярха дадзена храму г. Ганцавічы. Дарэчы, восем гадоў назад, у лютым, адбылося ўрачыстае асвячэнне пабудаванай царквы, якое правёў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Сёлета адметнасць даты была падкрэслена ўдзелам у правядзенні службы Высокапрэасвяшчэннейшага Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана, царкоўнаслужыцеляў з прыходаў Ганцаўшчыны і суседніх раёнаў. Звяртаючыся да прыхаджан, уладыка Стэфан адзначыў дабратворны ўплыў веры на духоўныя працэсы ў грамадскім жыцці. Настаяцель храма протаіерэй Пётр Піліпчук падзякаваў прыхаджанам за тое, што яны сваім прыкладам садзейнічаюць умацаванню праваслаўнай веры, а таксама спыніўся на ўплыве царквы на сям’ю, на падрастаючае пакаленне, падкрэсліў плённае супрацоўніцтва ў гэтай сферы з кіраўніцтвам раёна, працоўнымі калектывамі, прадпрымальнікамі.
Аляксандр Паўлавіч Саланевіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта, выступаючы перад прысутнымі, нагадаў: дабро, міласэрнасць, справядлівасць, узаемаразуменне адносяцца да ліку вечных хрысціянскіх каштоўнасцей і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, каб кожны чалавек станавіўся духоўна багацей. Служэнне людзям — у аснове дзейнасці свецкай і духоўнай улад.
Працягам святочнага дня стала выступленне на сцэне гарадскога Дома культуры пеўчых калектываў Свята-Ціханаўскага храма, Свята-Уладзімірскай царквы аграгарадка Агарэвічы і вучняў царкоўнапрыходскай нядзельнай школы, што працуе ў Пінску пры царкве Святой Варвары. Хоры парадавалі шматлікіх гледачоў песнямі, а госці наладзілі цэлае прадстаўленне “Снежная каралева”. У гэты дзень было шмат кветак і падарункаў.
Тэкст: Мікалай ЛОЙКА, «Савецкае Палессе»
Фота: Паўла СВІСТУНОВІЧА, «Савецкае Палессе»
(29)


